Главная
Карта сайта
Написать письмо
Культура и искусство Гродненской области
Главная » Новости
Новости
14.11.2018
Міжнародная краязнаўчая гасцёўня “Сустрэчы ў лістападзе” прайшла на Ашмяншчыне
Міжнародная краязнаўчая гасцёўня “Сустрэчы ў лістападзе” прайшла на Ашмяншчыне Міжнародная краязнаўчая гасцёўня да дня нараджэння знакамітага вучонага, урача, філосафа, асветніка, сына беларускага, польскага і літоўскага народаў Енджэя Снядэцкага “Сустрэчы ў лістападзе” ў чарговы раз прайшла на Ашмяншчыне.  

На гэты раз вялікае кола вучоных-біяхімікаў з трох краін і зацікаўленых гісторыяй людзей паклікала ў дарогу значная дата: напрыканцы лістапада спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння вучонага. У юбілейны год мерапрыемствы з гэтай нагоды ладзяцца ў Польшчы, Літве, а таксама ў Беларусі. Спачатку першая беларуска-польска-літоўская навуковая канферэнцыя “Сігналізацыя і метабалізм” прайшла ў Гродне. Затым удзельнікі канферэнцыі, да якіх далучыліся прадстаўнікі адміністрацыі Шальчынінскага раёна Літвы, таварыства “Польшча – Усход” з горада Мінск Мазавецкі (Польшча), дэлегацыі ўстаноў адукацыі Літвы і Польшчы, з якімі ў Кальчунскай сярэдняй школы наладжаны трывалыя стасункі, наведаліся ў Ашмяны. 

Некалькі гадоў назад настаўніца Кальчунскай школы Таццяна Давідовіч вырашыла, адчуваючы ў сабе сілы і дасканала прааналізаваўшы сітуацыю, увекавечыць памяць вучонага на сваёй зямлі. І вось імпрэза, прысвечаная Енджэю Снядэцкаму на Ашмяншчыне, засведчыла: жанчына не толькі клапатліва і прафесійна ўшанавала памяць вучонага, але і сама дастойна любові роднай зямлі. 

2.jpg 

Святая імша ў гонар Енджэя Снядэцкага ў капліцы на могілках ля помніка вучонаму. Музей, прысвечаны яму ў Кальчунскай сярэдняй школе, які носіць званне народнага. Захопленая краязнаўствам намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Давідовіч, гаспадыня музея, і прафесійна падрыхтаваныя юныя вядучыя. 

Нарэшце, актавая зала райвыканкама і вядучая Міжнароднай  краязнаўчай гасцёўні “Сустрэчы ў лістападзе” – усё тая ж Таццяна Давідовіч. Яна арыентуецца і ў фізіцы, і ў  хіміі, і ў праблемах выхавання. Ідзе размова пра высокія матэрыі, а падаецца проста і даступна, з улікам аўдыторыі. Напрацаваны за многія гады матэрыял па тэме, наладжаныя сувязі дазваляюць ашмянцам весці размову на навуковай аснове. У зале шматлікія маладыя людзі, што толькі ўзвышае мерапрыемства, бо каму як не ім ведаць і захоўваць сваю спадчыну. Радуе, што сярод дэлегацый у зале прысутнічалі і прадстаўнікі Варнянаў з Астравеччыны, дзе, дарэчы, пахаваны сваякі Снядэцкага. 

3.jpg 

Маштабнасць гістарычных падзей не заўсёды супастаўляльная, але мне асабіста на памяць прыйшлі заснавальнікі і кіраўнікі адзінага ў рэспубліцы музея Алаізы Пашкевіч (Цёткі) ў Астрыне на Шчучыншчыне – Галіна Пугач і Ала Балобан, настаўнікі беларускай мовы. Перадаючы адна адной эстафету, яны сабралі ў школе каштоўнейшы матэрыял пра паэтэсу-зямлячку і такім чынам узвысілі ў краі высакародную ідэю беларускасці, каб ехалі і ехалі госці з усіх куткоў краіны і свету. А колькі такіх апантаных людзей, дзякуючы якім, мы ведаем і памятаем сваё мінулае. 

4.jpg 

Да прыкладу, у той асенні дзень не пераставаў здзіўляць сваёй эрудыцыяй яшчэ адзін рупліўца на роднай ніве – доктар біялагічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з Гродна Андрэй Майсяёнак. Інстытут біяхіміі – яго калыска па навуцы, толькі вучоны з года ў год знаходзіць час для краязнаўчай працы. 

5.jpg 

А на сцэне ўсё тая ж Таццяна Давідовіч кампетэнтна прэзентуе кнігу Енджэя Снядэцкага “Аб фізічным выхаванні”, якую сама пераклала на беларускую мову і якая вельмі актуальная на сённяшні дзень. Вядомыя сучаснікі з Варшавы, Вільні, Гродна шчыра зайздросцілі свайму куміру навукі, бо памяць пра яго жыве на Ашмяншчыне і будзе жыць. Канферэнцыя на навуковай аснове засведчыла важнасць тэорый  і высноў  вучонага, а галоўнае, сам працэс падрыхтоўкі да яе і этапы правядзення вучылі прысутных, як неабходна ставіцца да сваёй спадчыны. Высокія словы, але яны поўнасцю адпавядаюць гістарычнай ісціне: без мінулага няма будучыні. І мне, аўтару гэтых радкоў, едучы ў адным аўтобусе дадому з польскай дэлегацыяй, было ганарова, што мы не только маем сваё мінулае, а і шануем яго, як тое робяць на Ашмяншчыне.