Главная
Карта сайта
Написать письмо
Культура и искусство Гродненской области
Главная » Народное творчество
Народное творчество

Дзяржаўная палітыка Беларусі ў сферы культуры напраўлена на захаванне, самабытнасць культуры беларускага народа і нацыянальных традыцый, адраджэнне, захаванне і развіццё культурнай спадчыны, забяспечэнне даступнасці культурных каштоўнасцей для ўсяго насельніцтва.
Вялікая ўвага ў вобласці надаецца развіццю вядучых калектываў розных жанраў аматарскай творчасці. У Гродзенскай вобласці дзейнічае 2829 клубных фарміраванняў, з якіх 1891 належаць гурткам аматарскай творчасці. Гэта вакальна-харавыя, харэаграфічныя, тэатральна-драматычныя, інструментальныя калектывы, клубы па інтарэсах, гурткі прыкладных ведаў і навыкаў, аб’яднанні для дзяцей і падлеткаў. Амаль 27 тысяч чалавек пастаянна займаюцца ў калектывах мастацкай творчасцi ў 305 клубных установах.

“Народныя”, “узорныя” і “заслужаныя” калектывы.
Своеасаблівымі паказчыкамі актыўнасці творчых працэсаў у розных рэгіёнах з’яўляюцца “народныя”, “узорныя” і “заслужаныя” аматарскія калектывы. Такое званне - не толькі пацвярджэнне высокага майстэрства і таленту выканаўцаў. На іх робіцца акцэнт пры падрыхтоўцы самых розных урачыстасцей, мерапрыемстваў, канцэртаў. Гродзенская вобласць налічвае 401 калектыў, якія маюць ганаровыя найменні “заслужаны”, “народны”, “узорны”. З іх – 231 “народных”,159 “узорных” і 11 “заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь”.

Выставачная зала сучаснага народнага і самадзейнага мастацтва
Першая ў Беларусі выставачная зала сучаснага народнага і самадзейнага мастацтва заснавана пры Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ў 1965 годзе і яе фонды – адлюстраванне творчых набыткаў майстроў і мастакоў Гродзеншчыны. За шматгадовую працу ў выставачнай зале было наладжана звыш 400 тэматычных, групавых і персанальных выстаў. Стала добрай традыцыяй арганізоўваць выставы і агляды-конкурсы раённых Дамоў (Цэнтраў) і аддзелаў рамёстваў і традыцыйнай культуры. Вопыт з’явіўся прыкладам для пастаянна дзеючых выстаў народнай творчасці ў шэрагу раёнаў. Дарэчы, метадыстам працуе знакамітая ткачыха і стваральніца мастацкіх габеленаў (у тым ліку, у тэхніцы падвойнага ткацтва) – Алена Шунейка.

Фальклор

Святы, звычаі і абрады Гродзеншчыны ўяўляюць сабой складаную грамадскую з’яву, адлюстроўваюць разнастайныя бакі гісторыка-культурнага жыцця насельніцтва вобласці, яго сацыяльна-палітычнае жыццё. Святочна–абрадавы комплекс стаў найважнейшым элементам у дзейнасці многіх устаноў культуры і творчых аб’яднанняў Гродзеншчыны, інтарэсы якіх сканцэнтраваны на захаванне і адраджэнне каляндарных традыцый. 
У Гродзенскай вобласці існуе 8 фальклорных гуртоў, якія маюць найменне “народны аматарскі калектыў” і 4 - “узорны аматарскі калектыў”.
У Гродзенскай вобласці праходзілі этнаграфічныя даследаванні і вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёну (абрадаў, звычаяў, харэаграфічнага, музычнага, песеннага, інструментальнага мастацтваў, празаічных жанраў.) У гэтых даследаваннях прымалі ўдзел усе 17 раёнаў вобласці. Па выніках 17 экспедыцый у 2007 г. адбыўся І абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, які праводзіўся з мэтай захавання, развіцця і прапаганды традыцыйнай народнай творчасці Гродзеншчыны. 
За год, які доўжыўся фестываль, былі адноўлены такія абрады, як “Калядкі”, “Гуканне вясны”, “Багач”. Упершыню быў паказаны абрад “Заручыны” народным фальклорным гуртом “Вяргіня” Ракавіцкага СДК Шчучынскага раёна. Абрад быў аздоблены самабытнымі посцілкамі, дыванамі, касцюмамі, зробленымі ўдзельнікамі калектыву. Значнае месца ў праграме фестывалю займалі адноўленыя побытавыя танцы: “Котчынская кадрыля” (Мастоўскі раён), “Погірская кадрыля” (Дзятлаўскі раён), “Тудараўская кадрыля” (Карэліцкі раён).
Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” з’яўляеца адборачным этапам падрыхтоўцы да Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. На працягу многіх год Гродзенская вобласць рыхтуе свае творчыя фальклорныя калектывы для ўдзелу ў адзіным у сваім родзе Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які праходзіць раз у два гады. Фестываль скіраваны на аўтэнтычныя формы народнай культуры, комплексную мастацкую адукацыю і выхаванне дзяцей, падлеткаў, навучэнскай і працоўнай моладзі сродкамі народнага мастацтва ва ўсіх яго каранёвых праявах. Так, у розныя гады Гродзеншчыну прадстаўлялі: фальклорны калектыў “Мемарат” Зэльвенскага РДК, “Дзембраўская кадрыля” Дзембраўскага ЦДК Шчучынскага раёна, фальклорны гурт “Чобаты” Ваўкавыскага РДК, народны фальклорны гурт “Валэйчанка” Валэйкавіцкага ДФ Смаргонскага раёна, дзіцячы фальклорны калектыў «Смаргонскія гарэзы» Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага і фальклорны ансамбль «Зараначка» Казлоўшчынскага гарадскога Дома культуры Дзятлаўскага раёна, узорны фальклорны гурт “Нальшчаначка” ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкаўскі яслі-сад-сярэдняя школа”.
Чарговы абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”адбудзецца ў      2017 годзе.
Важнейшае значэнне сёння набывае праблема зберажэння нематэрыяльнай культурнай спадчыны і яго асновы – фальклору, які стагоддзямі выконвае значныя функцыі. Нематэрыяльная культурная спадчына – гэта звычаі, формы прадстаўлення і выражэння, веды і навыкі – а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы, артэфакты і культурнае асяроддзе – прызнаныя суполкамі, групамі і, у некаторых выпадках, асобамі ў якасці часткі іх культурнай спадчыны.
Элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс с гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:
1. Абрад “Юр’я” в.Ахонава Дзятлаўскага раёна, як адметнае праяўленне лакальнай культурнай традыцыі. 
2. Мясцовы танцавальны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых танцаў аўтэнтычным фальклорным калектывам “Котчынская кадрыля” в.Котчына Мастоўскага раёна. 
3. Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў в.Гудзевічы Мастоўскага раёна. 
4. Традыцыі “простага двухнітовага” ткацтва Ваўкавыскага раёна.
5. Творчасць майстра па вырабу музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча з аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна.
6. Творчасць майстра па вырабу габеленаў у традыцыях “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва Алены Шунейка (г.Гродна).
7. Традыцыі роспісу велікодных яек г.п.Сапоцкін Гродзенскага раёна.
8. Традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанка-выбіванка)
ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці.
9. Выраб велікодных вербаў (пальмаў) на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны.
10. Традыцыйная рэгіянальная кухня аг.Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці.
http://gromc.by/pages/nematerialnoe-kulturnoe-nasledie.html
11. Традыцыя выпечкі вясельнага каравая на Ваўкавышчыне
12. Традыцыя выпечкі караваеў на Слонімшчыне.

 Рамествы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
Сёння ў Прынямонні працуе 20 Дамоў (Цэнтраў) і аддзелаў рамёстваў і традыцыйнай культуры ў кожным з 17-ці раёнаў вобласці. Кожны з іх мае сваю адметнасць і асаблівасць, аднак, дакладна акрэслілася тэндэнцыя развіцця таго віду народнай творчасці, таго рамяства, якія існавалі ў рэгіёне спрадвеку (салома- і лозапляценне, ткацтва, вышыўка, ганчарства, кераміка, бандарства, разьба па дрэву, мастацкая коўка металу, выцінанка, ткацтва габеленаў і інш.).
Так, своеасаблівым цэнтрам развіцця і захавання беларускіх традыцый ткацтва стаў у Прынямонні Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, у якім размясціўся філіял Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў. Юныя гурткоўцы вяртаюцца да каранёў праз пляценне паясоў, ткацтва ручнікоў і посцілак (у тым ліку, у старажытнай і практычна знікаючай тэхніцы падвойнага ткацтва).
Сёння выцінанка на Гродзеншчыне праходзіць новы этап у сваім развіцці: у рэгіёне працуюць больш дзесятка майстроў, аднак сакрэтамі менавіта выцінанкі-выбіванкі валодае толькі дырэктар Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў – Наталля Клімко.
Акрамя традыцыйных, метадысты раённых Дамоў (Цэнтраў) і аддзелаў рамёстваў і традыцыйнай культуры  засвойваюць і адчыняюць гурткі па сучасных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (бісерапляценне, лепка з цеста, батык, пэчварк, фларыстыка, дрэвапластыка, мастацкая апрацоўка скуры і каменя). Пры некаторых Дамах рамёстваў працуюць клубы народных майстроў і майстэрні па рэканструкцыі беларускага касцюма, дзейнічаюць міні-тэатры моды і лялечныя тэатры «Батлейка». На добрым узроўні вядзецца даследчая работа па збору і захаванню этнаграфiчных узораў народнай творчасцi, ладзяцца экспедыцыі, папаўняюцца калекцыі старажытнымі прадметамі.


Майстры Гродзенскай вобласці, атрымаўшыя статус “народны майстар”:

    Рышкевіч Міхаіл Антонавіч (в.Бешакі Лідскага раёна, драўляная пластыка);

    • Скрамблевіч Мар’ян Антонавіч (г.Гродна, выраб музычных інструментаў);
    • Белакоз Вера Ігнацьеўна (в.Гудзевічы Мастоўскага раёна, “падвойнае” ткацтва);
    • Кавалёнак Данута Дамінікаўна (г.Гродна, выраб пасхальных верб);
    • Пенцяк Антаніна Пятроўна (г.п.Зэльва, ткацтва);
    • Балёнь Любоў Сцяпанаўна (в.Студзенец Ваўкавыскага раёна, ткацтва);
    • Мажэйка Марыя Юльянаўна (в.Петракі Астравецкага раёна, ткацтва);
    • Кукса Міхаіл Міхайлавіч (г.Гродна, бондарства)